#pdyletanta_марафон17
Спадарыня Вольга Дарошчанка распавядае пра падарожжа ў вёску Райцы, якая знаходзіцца ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці.
*******************************************************
Некалькі гадоў таму мы з мужам высветлілі, што дзе б на Беларусі мы ні знаходзіліся, заўсёды ў радыусе 20 км знойдзецца што паглядзець - які-небудзь помнік архітэктуры, гісторыі ці прыроды. Учора мы ў чарговы раз у гэтым пераканаліся, калі па дарозе на возера Свіцязь наш гадавалы сын заснуў, а мы вырашылі праехаць на машыне да бліжэйшай вёскі, у якой на карце адзначаны "славутасці". Так мы патрапілі у вёску Райца Карэліцкага раёна.
Яшчэ здалёк пабачылі на ўзгорку не то крэпасць, не то касцёл. Як пазней высветлілася, гэта была царква Святой Варвары, якая першапачаткова сапраўды была каталіцкім храмам. Збудаваны ў 1817 годзе касцёл пазней пераўтварылі ў царкву, пасля будынак быў часткова разбураны і адноўлены ўжо ў 2003 годзе. Побач з царквой захаваліся брама і плябанія. З узгорку, на якім стаіць царква, воку адкрываюцца неверагодныя краявіды, хочацца проста стаяць там і глядзець, глядзець, глядзець...
Потым мы паехалі да сядзібнага дому Раецкіх (19 ст), які таксама захаваўся ў Райцы (на пад'ездзе да яго стаіць драўляны знак "сядзібны дом-музей"). Сядзіба вельмі прыгожая і атмасферная: вялікі дом у класічным стылі, побач - вялізныя дрэвы (відаць, колішні парк). Дагледжаныя клумбы, кветкі ў вазе на ганку і прыпаркаванае побач аўто далі нам зразумець, што ў сядзібе нехта жыве. І сапраўды, праз некалькі хвілін мы пабачалі гаспадара дома, які запрасіў нас у хату і паказаў экспазіцыю музея (беларускія рушнікі, гліняны посуд, вырабы з саломкі, карціны - усё вельмі цікава!). Сядзіба некалі належала роду Раецкіх, потым - Верашчакам, затым Путкамерам, а затым - польскім манахіням-палатынкам, якія жылі ў ёй і лекавалі травамі мясцовых жыхароў (да 1943 г.). Пазней у сядзібе былі амбулаторыя і аптэка, а з 90-ых гадоў будынак пуставаў і павольна прыходзіў ў заняпад. Але 7 год таму сядзібу выкупіла сям'я мастакоў, з якімі нам і пашчасціла пазнаёміцца, і зараз яны там жывуць, працуюць, аднаўляюць і трымаюць музей, за што ім вялікі дзякуй!
Яшчэ адна цікавая кропка побач - гэта гербавы слуп Раецкіх, што знаходзіцца недалёка ад сядзібы, перад калгасным полем. Па-першае, сам герб Раецкіх "Лебедзь" вельмі прыгожы. Па-другое, невядома, з якой мэтай гэты слуп быў пабудаваны (па легендзе адзін з Раецкіх закапаў пад ім сэрца сваей каханай, якая рана памерла). Па-трэцяе, на слупе ёсць месца для шыльды, аднак самой шыльды даўно няма, і што на ёй было напісана, ніхто ўжо не ведае. Вось такая таямнічая гісторыя!
Наша маленькае незапланаванае падарожжа яшчэ раз даказала нам, колькі цікавага і прыгожага побач - тут, на Беларусі. Трэба толькі расплюшчыць вочы, адкрыць сэрца і знайсці яго!